Традиции

“Восеньскі кірмаш”

Маленькія гаспадары з аграгарадка Тарнова віталі гасцей на “Восеньскім кірмашы”

 

Нядаўна мне як журналісту надарылася пабываць у Тарнова і наведаць “Восеньскі кірмаш”. І хаця гэта мерапрыемства  ладзілася  на базе не цэлага населенага пункта, а  толькі мясцовага дзіцячага садка, уражанні ў мяне ад яго  засталіся вялікія.

Добрую аснову ўспрымання мерапрыемства  я заклала ў сабе да яго пачатку, у цэлым пазнаёміўшыся з дзіцячай  дашкольнай  установай. Адзначыла: гэты сельскі дзіцячы садок можа даць фору многім гарадскім садкам. Узведзены ў 1974 годзе будынак быў поўнасцю адноўлены ў 2007 годзе, калі ў Тарнова ў рамках рэалізацыі рэспубліканскай праграмы ішло будаўніцтва аграгарадка.

І хаця з таго часу мінула ўжо дзесяць гадоў, і знешне, і вонкава садок выглядае як новы. Справа ў тым, што калектыў з першага дня імкнецца  падтрымліваць належны, сучасны выгляд дашкольнай установы. Да таго ж, дабаўляе ў добраўпарадкаванне ўсе новыя  штрыхі. Так, напрыклад,  няма межаў ва ўпрыгожанні тэрыторыі садка. Вясёлы настрой стварае рознакаляровы гульнёвы комплекс. З вясны да восені двор садка аздоблены кветкамі. А  не так даўно, каб яркія фарбы зеляніны радавалі вочы круглы год, былі пасаджаны туі і самшыт. Укараняюцца на тэрыторыі садка  пладовыя дрэўцы маладога саду, закладзенага з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі. У апошнім ёсць і вялікі выхаваўчы момант для падрастаючага пакалення.

Калі я заўважыла, што за ўсё гэта самых добрых слоў пахвалы заслугоўваюць супрацоўнікі дашкольнай установы, загадчыца дзіцячага садка Валянціна Астравец дадала,  што іх справы і мерапрыемствы не абыходзяцца  без бацькоў дзяцей. Бо праследуецца мэта – фарміраваць партнерскія адносіны паміж бацькамі і педагогамі ў выхаванні і навучанні дзетак. Сярод  бацькоў-актывістаў Ірына Каско, Наталля Хамко, Вольга Шульга, Валянціна Барташэвіч, Марына Катасанава і многія іншыя.

Дарэчы, “Восеньскі кірмаш” не выключэнне. Праводзіць  такую імпрэзу ў лістападзе ў Тарноўскім дзіцячым садку стала добрай традыцыяй. І акрамя работнікаў дашкольнай установы Людмілы Міхеевай, Аксаны Каспяровіч, Таццяны Орпік, Надзеі Хлябовіч, Валянціны Антонавай, актыўны ўдзел у падрыхтоўцы прымаюць бацькі.  Менавіта яны разам са сваімі сынамі і дачушкамі рыхтуюць разнастайныя вырабы і салодкія “экспанаты” для таго, каб прадставіць на кірмашы. І шчыра скажу, на мерапрыемстве, на якім я прысутнічала,  было на што паглядзець і чаму павучыцца.

Безумоўна, у поўным складзе  мамы і бабулі занялі  месца ў глядзельных радах прыгожа прыбранай залы, дзе ладзіўся восеньскі кірмаш, а ў ходзе самой іпрэзы ў некалькіх выпадках выступалі і ў якасці артыстаў.  Хаця дасканала прадуманая і падрыхтаваная  супрацоўнікамі дзіцячага садка праграма мерапрыемства з элементамі фальклору была разлічана ў першую чаргу на выхаванцаў. Яны не толькі сталі  асноўнымі ўдзельнікамі дзейства, чыталі вершы, танцавалі, гулялі ў гульні, адгадвалі загадкі, але і даведаліся шмат павучальнага, напрыклад, што жытнёвы хлеб -- усяму галава, што бульбінка беларуская найлепшая, і іншае. А таксама што  свята накшталт кірмашу праводзяць восенню. Бо перш чым яго ладзіць, трэба добра папрацаваць на зямлі, вырасціць і сабраць ураджай. Спакон вякоў  павагі заслугоўвалі сапраўдныя гаспадары, якія шчыруюць на зямлі.

-- Вельмі прыемныя ўражанні засталіся ў мяне ад мерапрыемства, -- казала журналісту  Алена Круглая. – Сама я працую ў гаспадарцы, але зараз   знаходжуся ў дэкрэтным водпуску. А вось муж, тата  нашых детак --  старэйшага Міхаіла і маленькага Рамана, -- працуе трактарыстам у яблыневым садзе ЛРСУП “Мажэйкава”. Восенню ўдзельнічаў у зборы ўраджаю. Добра, што на такіх восеньскіх кірмашах выхаванцам дзіцячага сада расказваюць, якую важную справу робяць іх бацькі.

111111111111111111111111111

http://lidanews.by/news/r1/so1/9511-malenkija-gaspadary-z-agragaradka-tarnova-vitali-gascej-na-vosenskim-kirmashy-fota

свернуть